Рэдзька алейная (Raphanus sativus L.) — гэта аднагадовая расліна яравога тыпу. Выкарыстоўваецца для тэхнічных, біяэнергетычных, кармова-сідэральных і меданосных мэт. У паржышчавых пасевах рэдзька алейная ў познавосеньскі перыяд фарміруе 20–25 т/га надземнай масы. Ураджайнасць яе фітамасы залежыць ад тэрмінаў і спосабаў сяўбы, а таксама фазы развіцця, у якой яе прыбіраюць. Пры вырошчванні рэдзькі ў звычайным яравым варыянце (а не як паўторнай культуры) ураджайнасць дасягае 50 т/га, у асобных выпадках і 80 т/га. Рэдзьку алейную лічаць аптымальным сідэратам — культура досыць холадатрывалая, дае шмат зялёнай масы за кароткі час і выдатна рыхліць глебу на прыстойную глыбіню. Таму яна можа шырока выкарыстоўвацца для аднаўлення ўрадлівасці глебы. Пры ранняй сяўбе гэта выдатны папярэднік для многіх зімовых культур. Для зялёнай масы рэдзькі характэрны добрыя смакавыя якасці, таму жывёлы ахвотна яе ядуць. Зразумела, рэдзька, як і ўсе капусныя, утрымвае гарчычныя алеi, якія гаркавяць, таму рацыён кармлення не можа складацца з адной культуры. Напачатку генератыўнага развіцця насычанасць пратэінам у раслінах дасягае 26–30%. Бялкі рэдзькі змяшчаюць шмат незаменных амінакіслот і адрозніваюцца высокай засваяльнасцю (пераварваемасць пратэіну ў зялёнай масе дасягае 85%). У зялёнай масе рэдзькі шмат кальцыю (2–3,5%), фосфару (0,5–1,2%), вітамінаў, асабліва аскарбінавай кіслаты, утрыманне якой у фазе бутанізацыі раслін дасягае 1000 мг% (да абсалютна сухога рэчыва).









Гарчыца белая (Sinapis alba L.) — расліна насякомаапыляльная. Выдатная меданосная культура, што дае да 100 кг мёду з гектара, гарчычны мёд мае бледна-жоўты колер, вельмі духмяны і смачны. Можа расці на любых глебах з pH ад вельмі кіслай да шчолачнай, але найлепей развіваецца на лёгкіх і сярэдніх суглінках. Каранёвыя вылучэнні гарчыцы змяшчаюць арганічныя кіслоты, якія пры ўзаемадзеянні з глебай могуць пераводзіць шэраг элементаў харчавання з раней недаступнай у лёгка засваяльную раслінамі форму (напрыклад цяжкарастваральныя фасфаты). Плюс самі гэтыя расліны здольныя засвойваць з глебы макра- і мікраэлементы, недаступныя іншым раслінам. Таксама каранёвыя вылучэння аказваюць і магутнае фітасанітарнае ўздзеянне супраць назапашання ў глебе такіх распаўсюджаных хвароб бульбы як фітафтароз, рызактаніёз, парша клубняў, фузарыёзныя гнілі. Паражэнне клубняў бульбы гэтымі хваробамі зніжаецца. Акрамя таго, устаноўлена зніжэнне ў глебе колькасці драцяніка. Засевак гарчыцы позняй восенню таксама спрыяе гібелі гэтага шкодніка з-за парушэння ўмоў яго перазімоўкі. Гарчыца хуткаспелая, шпарка развіваецца і нават пры недахопе цяпла можа ў кароткі тэрмін сфармаваць значны ўраджай зялёнай масы. Яе можна выкарыстоўваць як зялёнае ўгнаенне — крыніцу арганічнага рэчыва для раслін і глебавых мікраарганізмаў. Немалаважна і тое, што пры выкарыстанні на сідэрат зялёная маса хутка раскладаецца ў глебе. Хуткарослая і хуткаспелая гарчыца валодае падвышанай канкурэнтаздольнасцю і актыўна прыгнятае развіццё большасці пустазелляў.









Фацэлія (Phacеlia tanacetifolia Benth.) — аднагадовая расліна сямейства Вадаліснікавых, каштоўны меданос. Адрозніваецца хуткім ростам, назапашаннем вялікай колькасці зялёнай масы. Корань фацэліі ахапляе глыбіню глебы да 20 см за перыяд росту зялёнай масы, пры гэтым адбываецца паляпшэнне структуры глебы, яна становіцца рыхлай і паветрапранікальнай. Фацэлія можа расці на любых тыпах глеб. Фацэлія вельмі хутка расце, утвараючы вялікую зялёную масу. Непатрабавальная, вырошчваецца ў самых разнастайных умовах, на бедных пясчаных і камяністых глебах. Фацэлія — добры меданос. Заквітае праз 6 тыдняў пасля пасеву, таму, калі сеяць яе з вясны да пачатку чэрвеня, яна будзе квітнець усё лета і восень. Яе далікатнае лісце і сцябло хутка раскладаюцца і служаць добрым азотным угнаеннем. Фацэлія непатрабавальная, валодае холадатрываласцю, можа ўвосень пераносіць замаразкі да –7–(–9)° С, таму можна высейваць адразу пасля адтавання глебы. Пасеў можна рабіць як радамі, так і ўроскід. Расход насення — 8–10 г/м2. Фацэлія належыць да сямейства гідрафілаў і, такім чынам, можа быць папярэдніцай любой культуры.